среда, 17 ноября 2021 г.

“Заўсёды ад душы дапамагаю людзям”. Настаўніца пачатковых класаў Галавічпольскага дз/с-СШ Тарэса Вацлаваўна Скерсь ужо больш за 16 год узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю гэтай установы адукацыі

 

Сёлета адзначаецца 100-годдзе Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Шчучынская раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў пачатковай і сярэдняй школы была створана ў 1945 годзе. За гэты перыяд яе узначальвалі людзі ініцыятыўныя, адказныя, якія душой хварэлі за агульную справу. І сёння сярод старшынь пярвічных прафсаюзных арганізацый ёсць тыя, хто не адзін год працуе на гэтай няпростай пасадзе. Для іх галоўнае – клопат пра людзей, пра іх здароўе і дабрабыт. Адна з іх – настаўніца пачатковых класаў Галавічпольскага дз/с-СШ Тарэса Вацлаваўна Скерсь, педагог з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй, амаль 40-гадовым педагагічным стажам, якая на працягу 16 год узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю гэтай установы адукацыі.  Быць выдатным, адданым сваёй справе настаўнікам, Тарэсе Вацлаваўне ніколькі не перашкаджае яе так званая грамадская нагрузка. Ужо больш за 16 год яна з’яўляецца старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.  

 – Ведаеце, заўсёды ад душы дапамагаю людзям, прафсаюзная работа – гэта маё, – шчыра прызнаецца Тарэса Вацлаваўна. – Мне зуcім не складана з ёй спраўляцца, таму што ў прафсаюзнага камітэта вельмі надзейны сацыяльны партнёр – дырэктар школы Жанна Адамаўна Пашук. Мы разам вырашаем усе пытанні, заўсёды дапамагаем людзям. Члены нашага калектыву адпачываюць у санаторыях, атрымліваюць кампенсацыі за пуцёўкі, а таксама важкую дапамогу для ўмацавання здароўя, на іншыя мэты. Інтарэсы людзей заўсёды знаходзяцца на першым месцы. Члены нашага калектыву ў кожнай складанай сітуацыі адчуваюць увагу і рэальную падтрымку з боку прафсаюзнай арганізацыі.

 Не выпадаюць з поля зроку прафсаюзнага лідара маладыя спецыялісты. Кожнаму з іх Тарэса Вацлаваўна расказвае аб асаблівасцях дзейнасці прафсаюзнай арганізацыі. Моладзь прымае ўдзел у кіраванні справамі ўстановы, рабоце прафкама, у раённых мерапрыемствах. Маладым спецыялістам аказваецца фінансавая падтрымка.

 – У нашым калектыве ёсць свой вельмі важны дакумент, я б сказала “маленькая Канстытуцыя”, – гаворыць Тарэса Вацлаваўна. – Гэта Калектыўны дагавор, у якім прадугледжаны сацыяльныя гарантыі для работнікаў.

За 16 год сваёй прафсаюзнай дзейнасці Тарэса Вацлаваўна неаднаразова была адзначана рознымі ўзнагародамі. Пад яе кіраўніцтвам пярвічная арганізацыя была пераможцай абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю грамадскага кантролю па ахове працы. У 2018 годзе пярвічная прафсаюзная арганізацыя Галавічпольскага дз/с-СШ стала лепшай у раёне, а ў студзені 2019 года Галавічпольскі дз/с-СШ заняў другое месца ў абласным галіновым аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку работы па развіцці сацыяльнага партнёрства. І ва ўсім гэтым ёсць заслуга нераўнадушнага чалавека, адказнага старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Тарэсы Вацлаваўны Скерсь.

http://dzyannica.by/content/zausyody-ad-dushy-dapamagayu-lyudzyam-nastaunica-pachatkovyh-klasau-galavichpolskaga-dzs-ssh

Комментариев нет:

Отправить комментарий