среда, 29 мая 2024 г.

Шчучынская мастачка, паэт і педагог Галіна Бяляўская прымае віншаванні з нагоды юбілею і 50-годдзя творчай дзейнасці

Роўна 50 год таму ў Шчучынскім Доме афіцэраў адбылася ўрачыстасць, на якой віталі маладых спецыялістаў, што прыехалі пасля вучобы працаваць у наш раён. Была сярод іх і Галіна Ліпская – выпускніца Ваўкавыскага педвучылішча. А ўчора, 26 мая, Галіну Прохараўну, цяпер ужо Бяляўскую, ушаноўвалі на творчай вечарыне ў гэтым жа велічным будынку, які таксама з цягам часу змяніў сваё “прозвішча” і стаў Палацам творчасці дзяцей і моладзі. Менавіта тут сёння працуе Г.П. Бяляўская як педагог дадатковай адукацыі, а яшчэ – як мастачка і паэтка, прывіваючы сваім выхаванцам не толькі добры густ і самыя разнастайныя навыкі, але і любоў да мастацтва, роднага слова, любоў да сваёй Бацькаўшчыны.
– Сёння мы адзначаем 70-годдзе з Дня нараджэння Галіны Прохараўны і 50-годдзе яе творчай дзейнасці, – абвяшчае вядучы вечара-партрэта Дзмітрый Паноў і на экране з’яўляюцца кранальныя фотаздымкі з вясковага дзяцінства і студэнцкіх гадоў, працоўных будняў педагога і незабыўна яркіх свят, дзе наша гераіня на пленэрах мастакоў і бардаўскіх фестывалях, у паходах і вандроўках, з сям’ёй і сярод любімых вучняў…


На юбілей да заслужанага чалавека сабралася багата шчучынцаў і гасцей з іншых гарадоў і аграгарадкоў. Прыйшлі калегі і шматлікая радня, сяброўкі і аднакурсніцы па педвучылішчы і мастацка-графічным факультэце Віцебскага дзяржуніверсітэта, юныя мастакі-паслядоўнікі і проста прыхільнікі творчасці, сябры з клуба “Лад” і іншых творчых згуртаванняў.
Павіншаваць юбілярку прыйшла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк, якая выказала словы падзякі Галіне Прохараўне за яе стваральную і натхнёную працу, шчырую любоў да роднай Шучыншчыны, выхаванне маладога пакалення на лепшых патрыятычных традыцыях. Ганна Станіславаўна ўручыла Г.П. Бяляўскай Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў.

Чалавекам, з якім прыемна працаваць і з якога хочацца браць прыклад, назвала юбілярку старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Вашчыла, якая павіншавала Галіну Прохараўну ад імя ўсіх педагогаў і кіраўніцтва аддзела адукацыі райвыканкама. 
Прывітальны адрас ад калег са Шчучынскага ПТДіМ перадаў Дзмітрый Паноў. Шчырыя пажаданні выказаў і намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Віктар Анашкін.

Комментариев нет:

Отправить комментарий