пятница, 16 августа 2024 г.

Віктар Елаеў з Ражанкаўскай школы нават ва ўзросце 60+ — актыўны ўдзельнік спартыўных спаборніцтваў

 У Ражанкаўскай сярэдняй школе кожны вучань ведае, хто ва ўстанове адукацыі галоўны спартсмен. Гэта настаўнік фізічнай культуры і здароўя і кіраўнік па ваенна­-патрыятычным выхаванні Віктар Іванавіч Елаеў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Кожны год педагог удзельнічае ў забегах для аматараў спорту па ўсёй Беларусі, а сёлета ў студзені ў сваёй узроставай групе стаў лідарам у бегу на 60 метраў падчас XIII чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў.

Ужо восем гадоў педагог сумяшчае працоўны стаж з пенсіённым. У свае 60+ імкнецца кожны дзень выходзіць на прабежку, а любы ўрок фізкультуры для вучняў пачатковай школы і заняткі для членаў клуба “Факел” пачынае з галоўнага — размовы аб тым, што здаровы лад жыцця — тое, што павінна спадарожнічаць чалавеку заўсёды.

— Спорт і ваенна-патрыятычнае выхаванне маюць шмат агульнага. І размова не толькі пра дысцыпліну. У абодвух выпадках важна прытрымлівацца пастаўленай мэты. І калі ў спорце яна заключаецца ў тым, каб імкнуцца да перамогі, то ў другім прыкла­дзе — быць карысным сваёй Радзіме. Уласна, на гэтым і раблю акцэнт падчас сустрэч і заняткаў з прадстаўнікамі нашага ваенна-патрыятычнага клуба, — праводзіць цікавую паралель педагог.

Летась у складзе клуба “Факел” было каля 20 чалавек. Клуб аб’ядноўвае хлопчыкаў і дзяўчынак з 8 па 11 клас. Работа па патрыятычным выхаванні ў невялікай установе адукацыі Шчучынскага раёна будуецца пры цесным узаемадзеянні з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. У маі супрацоўнікі гэтага ведамства арганізавалі для школьнікаў свята, у тым ліку з удзелам тэхнікі ратавальнікаў.

Не першы год клубаўцы Елаева — лідары раённых этапаў спартыўных спаборніц­тваў па лініі ваенна-патрыятычнага выхавання, напрыклад, мнагаборства “Абаронца Айчыны”. У ліку прызёраў раённага ўзроўню яны і ў рэспубліканскай спартыўна-патрыятычнай гульні “Зарніца”.

— Наш клуб мае спартыўна-патрыятычную накіраванасць. Для заняткаў спортам ёсць усё неабходнае, уключаючы добрую лыжную базу, сучасныя трэнажорныя залы. Што цікава, пазаймацца ў іх хлопцы прыхо­дзяць не толькі падчас клубных заняткаў. Усе яны добра ведаюць, што ў школе мяне можна знайсці ў любы час ажно да вечара. Падтрымліваю любую іх спартыўную ініцыятыву, — дадае суразмоўнік.

Што да патрыятычнага выхавання, то ў Ражанкаўскай школе яно пачынаецца літаральна з парога ўстановы адукацыі. У фае гасцей сустракае незвычайная парта героя — вучнёўскі стол, на якім размешчаны
біяграфія і заслугі Генрыха Хрыптовіча, які ў свой час вучыўся ў гэтай школе, а 22 чэрвеня 1980 года загінуў у Афганістане і пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Такая цікавая форма падачы інфармацыі — вынік акцыі “Парта героя”, ініцыіраванай у Шчучынскім раёне аддзелам адукацыі.

— Не па карцінках члены клуба знаёмыя з месцамі ўвекавечання памяці абаронцаў Айчыны. У гэтым годзе для іх была арганізавана экскурсія і да месца расправы ў 1944 годзе над мірнымі жыхарамі ў вёсцы Забор’е. Усё гэта — наша агульная гісторыя, пра якую важна ведаць і памя­таць, — адзначае Віктар Іванавіч.

У педагогіку яго прывяла любоў да спорту, прычым прывяла з далёкай Мардовіі.

— І за гэта я ўдзячны сваёй настаўніцы фізкультуры Сямілейскай сярэдняй школы Ганне Андрэеўне Бяззубавай. У свой час яна разгледзела ўва мне патэнцыял, актыўна прыцягвала да ўдзелу ў спаборніцтвах і параіла паступіць у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. У горадзе над Нёманам тады служыў яе сын. Уласна, ужо многія гады менавіта Прынёманскі край лічу родным, — гаворыць педагог.

Пасля вучобы ў тэхнікуме Віктар Іванавіч скончыў сталічны інстытут фізічнай культуры. Былі ў яго прафесійным стажы гады трэнерскай работы ў спартыўнай школе Ваўкавыска. І ўсё ж з канца 70-х гадоў наш герой непарыўна звязаны з педагогікай. Спачатку на пару з жонкай працаваў у Ражанкаўскай дапаможнай школе-інтэрнаце. З улікам спецыфікі ўстановы адукацыі ў 30 з невялікім гадоў суразмоўнік атрымаў яшчэ адну вышэйшую адукацыю, але застаўся верны выбранаму кірунку. З 2009 года яго нязменным месцам працы з’яўляецца Ражанкаўская сярэдняя школа.

— Зносіны з дзецьмі забяспечва­юць той энергіяй, якая нароўні са спортам дапамагае заставацца маладым. Неяк па просьбе калег прыйшоў да сваіх пачаткоўцаў з медалямі — не ведаў, як паспець адказаць на ўсе іх пытанні, — з усмешкай успамінае Віктар Іванавіч.

Ён глыбока перакананы, што найлепшы метад выхавання — уласным прыкладам, і актыўна рэалізуе гэты прынцып не толькі ў прафесійным плане. На адных з летніх стартаў для аматараў бегу ў Гродне — “Гарадзенскай вандроўцы” — выходзіў на прабежку ўжо не адзін, а ў кампаніі нявесткі і ўнучкі.

З цеплынёй успамінае і яшчэ адзін эпізод, калі па яго слядах пайшоў школьнік — член клуба “Факел”: падчас майскага забегу “Шчучынская дзясятка” мяне абышоў вучань. Пасля майго фінішу ён з жартам заўважыў, што зараз можа прэтэндаваць на званне галоўнага школьнага чэмпіёна. А я толькі рады такому імкненню стаць лепшым за свайго настаўніка!

У канцы мая педагог са Шчучынскага раёна паспяхова ўдзельнічаў у міжнароднай спартакіядзе сярод ветэранаў у Гомелі і ў мнагаборстве стаў трэцім у сваёй узроставай групе. А зусім нядаўна заняў 1-е месца па скачках у даўжыню падчас адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў.

— Старэйшы з удзельнікаў на гэтых спаборніцтвах быў 1939 года нараджэння, — працягвае здзіўляць суразмоўнік. — Такім чынам, спорту ўсе ўзросты падуладныя, таму напера­дзе ў мяне яшчэ шмат спартыўных перамог!

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара

Комментариев нет:

Отправить комментарий